БЕЛ Ł РУС

У Светлагорску ламаюць падмурак грандыёзнага Лядовага палаца, каб пабудаваць што сціплейшае

20.10.2022 / 20:14

Nashaniva.com

Унутры агароджанай пляцоўкі ля стадыёна «Папернік», дзе 11 гадоў таму пачалі будаваць светлагорскую лядовую арэну, пасля доўгіх гадоў прастою пачалося ажыўленне: рабочыя выдаляюць выраслыя тут за гады прастою дрэўцы, экскаватары разрываюць падмурак, пагрузчыкі выцягваюць з зямлі цяжкія бетонныя блокі. Паводле інфармацыі мясцовай газеты «Ранак», пляцоўку рыхтуюць да новай будоўлі.

Магчыма, у наступным годзе будзе адкрыта фінансаванне на ўзвядзенне першай чаргі Светлагорскага цэнтра гульнявых відаў спорту — Лядовага палаца, мяркуе выданне.

«На сённяшні дзень магу толькі паўтарыць, што з абласнога бюджэту нам паабяцалі выдзеліць у гэтым годзе некаторую суму на аднаўленне будаўніцтва «Лядовага», — паведаміла «Ранку» на ўмовах ананімнасці крыніца ў будаўнічай галіне Светлагорскага раёна. — Праект [Цэнтра гульнявых відаў спорту] падвергнуўся грунтоўнай карэкціроўцы, цяпер ён не такі аграмадны, больш сціплы будзе. Цяпер там вядуцца работы па падрыхтоўцы да будоўлі, прыбіраюць з пляцоўкі тое, што там ужо не трэба».

На будпляцоўцы праца тым часам кіпіць: зразаюць і выкарчоўваюць маладыя дрэўцы, выварочваюць з зямлі непатрэбныя ўжо бетонныя падмуркавыя блокі. Хтосьці нават бачыў, што на пляцоўцы працавала спецыяльная драбнілка, якая здрабняе бетон у друз.

Светлагорскі даўгабуд уключаны ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму 2022 года. Згодна з ёй, заканчэнне будаўніцтва Светлагорскага лядовага палаца — 2023 год. 

Прэзентацыя эскізаў будучага Палаца гульнявых відаў спорту ў Светлагорску адбылася 30 студзеня 2006 года ў аддзеле архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама. Роўна 11 гадоў таму, у кастрычніку 2011 года, пачаліся работы непасрэдна на будаўнічай пляцоўцы ў лесапаркавай зоне паміж мікрараёнамі «Маладзёжны» і «Палессе».

Выкапалі катлаван, уладкавалі падмурак, часткова ўзвялі цокальны паверх, і на гэтым усё спынілася на 11 гадоў. За гэтыя гады былая будпляцоўка паспела зарасці маладымі дрэвамі, а недабудаваны спартыўны аб'ект яшчэ месяц таму лічыўся «закансерваваным».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула