Ва Украіне затрымалі беларуса, які пераходзіў мяжу і перадаваў звесткі пра ўкраінскую армію беларускім вайскоўцам
Служба бяспекі Украіны затрымала ў Ровенскай вобласці мужчыну. Ён падазраецца ў перадачы звестак аб размяшчэнні падраздзяленняў Узброеных сіл беларускім вайскоўцам.
Гаворка ідзе пра размяшчэнне блокпастоў, месцы дыслакацыі і даныя аб перамяшчэнні жывой сілы і тэхнікі, а таксама пра воінскія фармаванні на захадзе Украіны.
«Суседзяў асабліва цікавілі ўмацаванні на памежных тэрыторыях. Як устанавіла і дакументальна засведчыла следства, інфарматар перадаў звесткі беларускім праваахоўнікам падчас незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы з Беларуссю. Правяраецца інфармацыя пра іншыя візіты мужчыны да варожых праваахоўнікаў і спецслужбаў», — гаворыцца ў паведамленні СБУ.
Затрыманы прызнаны падазраваным па крымінальнай справе аб распаўсюджванні інфармацыі пра УСУ.