БЕЛ Ł РУС

У Эстоніі грамадзянам Расіі і Беларусі забароняць валодаць агнястрэльнай зброяй

15.07.2022 / 18:20

Nashaniva.com

Рашэнне прынятае на аснове кааліцыйнага пагаднення Партыі рэформаў, партыі «Ісамаа» і сацыял-дэмакратычнай партыі, якія складуць новы эстонскі ўрад. Але яшчэ неабходна ўнесці змены ў заканадаўства. На гэта спатрэбіцца некалькі месяцаў, і забарона, хутчэй за ўсё, уступіць у сілу ў канцы гэтага года, піша ERR.

Ідэю забароны прапанавала Асацыяцыя ўладальнікаў зброі Эстоніі праз тры тыдні пасля пачатку вайны ва Украіне. У аб'яднанні мяркуюць, што агнястрэльнай зброяй і боепрыпасамі ў краіне павінны валодаць толькі грамадзяне Эстоніі, а таксама краін ЕС і НАТА.

«Гэта пытанне, наўпрост звязанае з дзяржбяспекай. Аднак яно тычыцца не толькі грамадзян тых краін, якія, скажам так, не надта дружалюбна ставяцца да Эстоніі. Паліцыі неабходна ажыццявіць больш маштабную праверку. Бо, я ўпэўнены, сярод нас ёсць і эстонскія грамадзяне, недружалюбна настроеныя ў дачыненні да Эстоніі і Украіны. Чые думкі і ідэі ва ўмовах абвостранай сітуацыі могуць прадстаўляць пагрозу. Імі таксама варта заняцца», — сказаў Лаўры Ляэнеметс, які ў будучым урадзе зойме пасаду міністра ўнутраных спраў.

Паводле планаванага закона, дзеючыя цяпер дазволы на валоданне зброяй для расіян і беларусаў будуць ануляваныя, а новыя выдавацца не будуць. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула