БЕЛ Ł РУС

Расія акрэдытавала першага дыпламата ад «Талібана»

31.03.2022 / 09:58

Nashaniva.com

Першы дыпламат, накіраваны афганскім рухам «Талібан», атрымаў акрэдытацыю МЗС Расіі. Пра гэта заявіў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Сяргей Лаўроў на сустрэчы ў фармаце краін — суседзяў Афганістана ў кітайскім Туньсі. Дыпламат прыбыў у Маскву ў лютым, піша reform.by.

«Адзначаем паступовае наладжванне гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, перш за ўсё з краінамі рэгіёна, бізнэс-структуры якіх праяўляюць цікавасць да Афганістана. Усе гэтыя кантакты, безумоўна, спрыяюць міжнароднаму прызнанню новых афганскіх уладаў. У гэтай сувязі хацеў бы адзначыць, што першы афганскі дыпламат, які прыбыў у мінулым месяцы ў Маскву, накіраваны новымі ўладамі, атрымаў акрэдытацыю ў МЗС Расіі», — прыводзіць словы Лаўрова прэс-служба МЗС РФ.

У Расіі рух «Талібан» афіцыйна прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй.

Лаўроў таксама адзначыў, што перашкодай для міжнароднага прызнання афганскага ўрада «Талібана» з'яўляецца яго недастатковая рэпрэзентатыўнасць. Пад гэтым міністр мае на ўвазе адсутнасць у органах улады прадстаўнікоў не толькі розных этнічных груп краіны, нацыянальных і канфесійных меншасцяў, але і палітычных сіл.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула