БЕЛ Ł РУС

Што магло здарыцца ў музеі Купалы, дзе ў часе шараговай праверкі сістэмы пажаратушэння загінуў чалавек

5.08.2021 / 16:43

Nashaniva.com

Раніцай 5 жніўня стала вядома пра трагедыю, якая адбылася ў музеі Янкі Купалы ў Мінску: у часе праверкі сістэмы пажаратушэння загінуў 67-гадовы загадчык матэрыяльна-тэхнічнага аддзела Анатоль Пасека. Вядома, што ён працаваў у падвальным памяшканні. Яшчэ аднаго супрацоўніка, які страціў прытомнасць, паспелі своечасова вынесці на свежае паветра. Ён выжыў. Але што магло адбыцца ў часе звычайнай планавай праверкі, у выніку якой ад газу загінуў чалавек? Мы пагутарылі са спецыялістам прыватнай кампаніі, якая займаецца абслугоўваннем сістэм пажаратушэння. 

Спецыяліст тлумачыць, што сістэмы такога кшталту працуюць па прынцыпе: вуглякіслы газ запаўняе памяшканне і зніжае неабходны для гарэння працэнт кіслароду. Сама сістэма ставіцца ў памяшканнях, дзе па нормах бяспекі нельга выкарыстоўваць ваду або пену: гэта банкі, музеі, архівы з папяровымі дакументамі, электрападстанцыі. 

Пры спрацоўванні сістэмы адключаецца вентыляцыя, і памяшканне запаўняецца вуглякіслым газам. Дарэчы, пры адчыненых дзвярах яна не спрацуе.

Сістэма не запускаецца аўтаматычна, у яе ручны пуск. Алгарытм такі: пасля сігналу аб пажары адказная асоба павінна пераканацца, што ў памяшканнях няма людзей, пасля чаго пусціць газ. Як правіла, гэта задача вахцёра або ахоўніка. У гэтай сістэмы таксама ёсць абавязковае апавяшчэнне: сірэна і светлавое табло з надпісам «Газ, не ўваходзіць!» або «Газ, сыходзь!»

«Пры праверцы функцыянавання сістэмы правяраецца толькі працаздольнасць запуску — як правіла, самі балоны з газам адключаюцца ад пускавой устаноўкі. На мой погляд, мела месца грубае парушэнне правілаў, бо калі чалавек атруціўся — значыць, балоны не былі адключаны. І вось тут ужо другое пытанне: чаму супрацоўнік не выйшаў з памяшкання? Няўжо не працавала яшчэ і гукавая сігналізацыя? Бывае, што супрацоўнікі арганізацыі, якая праводзіць тэхнічнае абслугоўванне, просяць адключыць гук, каб ён не перашкаджаў», — расказаў эксперт. 

Пакуль няма афіцыйнай інфармацыі, што менавіта адбылося ў музеі Янкі Купалы. У гэты момант Следчы камітэт праводзіць праверку і высвятляе абставіны здарэння.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула