БЕЛ Ł РУС

Матч лідараў і заходняе дэрбі — што цікавага будзе ў трэцім туры вышэйшай лігі

2.04.2021 / 14:57

Піліп Каваленка

Чэмпіянат Беларусі аднаўляецца пасля міжнароднай паўзы, у якой зборная Беларусі выйграла ў разбітай кавідам зборнай Эстоніі (4:2) і была знішчана бельгійскімі рэзервістамі з рэкордным лікам 0:8. 

Цяпер міжнародныя справы саступаюць цэнтральную ролю лакальнаму першынству, у якое зборнікі вяртаюцца дэмаралізаванымі. 

Чытаць таксама:

Пакуль без сенсацый. 5 назіранняў пасля першых тураў чэмпіянату Беларусі па футболе

Давайце згадаем, як скончыліся матчы другога тура:

Якія матчы адбудуцца ў першыя дні красавіка?

«Нёман» — «Дынама-Брэст»

Тур адкрывае заходняе дэрбі. Гарадзенцы, якія летась сталі камандай-сенсацыяй, забуксавалі ў пачатку новага сезону і пасля двух тураў маюць два турнірныя балы. Прычым нічыю ў Слуцку па тым, як развівалася гульня, можна лічыць станоўчым вынікам.

«Дынама» выстаяла пад напорам БАТЭ і застаецца сярод лідараў табліцы. Падобна, Сяргею Кавальчуку ўдалося сабраць каманду, якая будзе пакідаць фаварытаў без перамог.

БАТЭ — «Гомель»

На барысаўскім «Гарадскім» БАТЭ здабыла не адзін дзясятак знакавых перамог: яго трыбуны памятаюць радасць першых чэмпіёнстваў і першага выхаду ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў.

У БАТЭ не атрымалася раскалоць моцнае «Дынама» ў Брэсце, а цяпер у Барысаў едзе «Гомель», з якім таксама будзе вельмі няпроста. Ці дапаможа аўра олдскульнага стадыёна гульцам «жоўта-сініх»?

«Спадарожнік» — «Мінск»

Пасля двух тураў у рэчычан і мінчукоў усяго адзін турнірны бал на дваіх і даволі хмарныя перспектывы. Але «Мінск» у другім туры прадэманстраваў характар, адгуляўшыся з ліку 0:2 у матчы з «Рухам». 

На пачатковым этапе любая перамога можа хоць часова, але ператварыць любога аўтсайдара ў серадняка. Таму роля нават такога несамавітага матча можа быць вельмі важнай.

«Шахцёр» — «Іслач»

За не самай вогненнай афішай хаваецца гульня лідараў турнірнай табліцы. Дзёрзкая «Іслач» выйграла абодва матчы ў супастаўных па ўзроўні супернікаў, а цяпер едзе ў Салігорск на першы сур'ёзны іспыт.

Падчас паўзы «Шахцёр» аддаў у арэнду «Нёману» Паўла Забеліна, а таксама змяніў дырэктара — замест Андрэя Лявончыка руліць будзе былы кіраўнік «Гарадзеі» Аляксандр Марчанка. Наўрад ці ракіроўка кардынальна зменіць вектар развіцця чэмпіёнаў, але будзем сачыць за далейшымі пераменамі.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Віцебск»

Бронзавым прызёрам мінулага года пакуль вельмі няпроста. У Мазыры каманда Пунтуса толькі ў канцы гульні здабыла перамогу, а цяпер прымае «Віцебск», які хоць сам і не забівае, але і сабе забіваць таксама не дае.

Футбалісты «Тарпеда» радуюцца перамозе ў Мазыры. Фота ФК «Тарпеда-БелАЗ».

Напэўна, чакаць галявой феерыі ад каманд з відавочнымі праблемамі ў атацы не варта, але наўрад ці матч будзе сумным.

«Дынама-Мінск» — «Слуцк»

З адным з фаварытаў лігі пасля разгромнай перамогі ў першым туры здарыўся канфуз у Віцебску. У гульні са сціплым «Слуцкам» «Дынама», відаць, будзе праводзіць работу над памылкамі.

Але год таму, на пачатку трэнерскай кар'еры Кучука ў Мінску, «Слуцк» перамог у «Дынама». Пра гэта забываць не варта, нават калі ў случчакоў застаўся мізер з гульцоў, якія здабывалі тую перамогу.

«Славія» — «Смаргонь»

Яшчэ адна гульня аўтсайдараў табліцы. У кампанію да дэбютантаў даволі нечакана трапіла «Славія» з дзвюма мінімальнымі паразамі, атрыманымі ў канцы матчаў.

Прыезд «Смаргоні» — добрая нагода нарэшце перамагчы і спісаць мінулыя паразы на няўдачы.

«Рух» — «Энергетык-БДУ»

Тур скончыцца ў Брэсце, дзе «Рух» будзе з трэцяй спробы спрабаваць здабыць першую перамогу. 

Фота ФК «Рух».

Відавочна, нягледзячы на прабускоўку, берасцейцы з'яўляюцца фаварытамі гульні, але нагадваць у чарговы раз, на што здольныя мінскія «студэнты», не варта. 

Першая перамога «Руху» можа адкласціся яшчэ на адзін тур.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула