БЕЛ Ł РУС

Навукоўцы высветлілі, чаму чалавечы мозг такі вялікі

26.03.2021 / 21:26

НФ

У параўнанні з найбольш анатамічна блізкімі да нас прыматамі, мы, людзі, маем сапраўды вялікі мозг. Гэта адна з характэрных рыс таго, што значыць быць чалавекам, і цяпер навукоўцы ведаюць, чаму так сталася.

Фота Depositphotos.com

Навукоўцы сабралі клеткі мозгу чалавека, шымпанзэ і гарылы, вырасцілі з іх зборы клетак і зрабілі з імі эксперыменты. У выніку ўдалося знайсці невядомы дагэтуль малекулярны пераключальнік, асноўны элемент якога — ген ZEB2. Ён кантралюе рост мозгу і робіць яго ў тры разы большым за мозг вышэйшых прыматаў, піша The Guardian.

Доктарка Мадлен Ланкастэр з Кембрыджскага ўніверсітэта, якая ўдзельнічае ў даследаванні, распавяла, што знойдзены ген амаль цалкам нясе адказнасць за розніцу ў памеры мозгу.

Падчас развіцця чалавечага мозгу ён актывуецца на больш позняй стадыі, чым падчас аналагічных працэсаў у мозгу прыматаў, што дазваляе чалавечым нейронам больш актыўна дзяліцца да моманту сталасці.

Біёлагі паспрабавалі штучна затрымаць актывацыю гена ZEB2 у клетках гарылы і паскорыць яе ў чалавечых нейронах. У выніку мазгавая тканка гарыл разраслася больш, чым звычайна, а чалавечая тканка, наадварот, расла не так хутка.

Джон Мэйсан, прафесар Эдынбургскага ўніверсітэта тлумачыць, чаму важна ведаць, як адбываецца нармальнае развіццё мозгу. Па-першае, гэта дапамагае нам зразумець, што робіць людзей унікальнымі. А па-другое, гэта інфармацыя можа патлумачыць, як узнікаюць парушэнні развіцця цэнтральнай нервовай сістэмы.

Справа ў тым, што некаторыя з такіх хвароб уплываюць на памер галаўнога мозгу, напрыклад, павелічэнне яго памеру — характэрная рыса некаторых хвароб аўтычнага спектру. Таму разуменне базавых працэсаў эмбрыянальнага развіцця мозгу можа палепшыць нашы веды пра падобныя хваробы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула