БЕЛ Ł РУС

Мінская міліцыя адмовіла арганізатарам Дня Волі ў заключэнні дамовы, спаслаўшыся на каранавірус

22.03.2021 / 12:19

Nashaniva.com

Арганізатарам святкавання Дня Волі ў Мінску прыйшоў адмоўны адказ з міліцыі на іх просьбу заключыць дамову. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. 

Дзень Волі ў Мінску ў 2019 годзе

У ГУУС Мінскага гарвыканкама аргументавалі сваю адмову тым, што на фоне пандэміі каранавіруса і заклікаў шэрагу «экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў» выходзіць на вуліцы правядзенне масавага мерапрыемства не ўяўляецца магчымым.

Апратэставаць рашэнне ў судзе да 25 сакавіка нерэальна праз абмежаваныя тэрміны, мяркуе Кастусёў, і гэта азначае, што афіцыйны дазвол гарвыканкама заяўнікі наўрад ці атрымаюць.

9 сакавіка БСДП (Грамада), рух «За Свабоду» і грамадская арганізацыя БНФ «Адраджэнне» падалі ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне шэсця і мітынгу.

Напярэдадні ў Мінску затрымалі старшыню БСДП Ігара Барысава. Ён дастаўлены ў ізалятар на Акрэсціна і чакае суда паводле адміністрацыйнай справы.

Не шмат аптымізму і ў кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. У размове са «Свабодай» ён не выключыў, што наступным у ліку затрыманых можа апынуцца або ён, або іншы заяўнік Юрась Губарэвіч.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула