БЕЛ Ł РУС

КДБ адпусціў галоўнага змагара са злодзеямі ў законе Уладзіміра Ціхіню пад падпіску аб нявыездзе

25.08.2020 / 13:32

Фота БелТА

Уладзімір Ціхіня шмат гадоў узначальваў 2-е ўпраўленне ГУБАЗіК МУС. У канцы мінулага года ён сышоў у адстаўку, а ў студзені стаў фігурантам «цукровай справы», піша Tut.by.

— Яму змененая мера стрымання на падпіску аб нявыездзе, — пракаментаваў Tut.by адвакат Алег Дубавец.

Пытанне, калі Ціхіня выйшаў на волю, адвакат не змог удакладніць. Ціхіня па-ранейшаму застаецца фігурантам крымінальнай справы, абвінавачванні з яго не знятыя. Яму ставяць падбухторванне да дачы хабару.

Уладзімір Ціхіня шмат гадоў узначальваў 2-е ўпраўленне ГУБАЗіК МУС. Працаваў па такіх гучных справах, як «справа марозаўцаў», «справа пасялковых», па справах усіх вядомых у Беларусі крымінальных аўтарытэтаў. У канцы 2019 года сышоў у адстаўку.

«Цукровая справа» пачалася ў канцы студзеня 2020 года: супрацоўнікі КДБ затрымалі кіраўнікоў усіх чатырох цукровых заводаў, беларускай цукровай кампаніі, некалькі бізнэсоўцаў і Уладзіміра Ціхіню. Каб надзець кайданкі на дырэктара Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіла Крыштаповіча, развярнулі самалёт «Белавія» Мінск — Мюнхен над Уроцлавам і вярнулі ў Гродна. Гэтым рэйсам Крыштаповіч ляцеў у адпачынак. Усе фігуранты былі змешчаныя ў СІЗА КДБ. Па фактах атрымання і дачы хабараў распачатыя крымінальныя справы.

У лютым у «Панараме» на тэлеканале «Беларусь 1» паказалі спецыяльнае расследаванне «Цукровая мафія». Асноўным спікерам быў Канстанцін Бычак, начальнік аддзела следчага ўпраўлення КДБ. Як распавялі ў Камітэце, хабары перадавалі раз у тры тыдні, а ўхваляў гэту схему акурат Уладзімір Ціхіня.

«На жаль, легендарны змагар з бандытызмам і карупцыяй у 1990-х і нулявых згаджаецца за ўзнагароджанне страхаваць цукровую мафію і яе схему», — казаў тады закадравы голас.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула