«Страшна за людзей» — родныя палітвязня Фурманава спынілі галадоўку
«Я спыняю галадоўку, — паведаміла Радыё Свабода Вольга Каракіна. — Мне страшна за людзей, якія прыходзяць мяне падтрымаць. Цяпер хапаюць усіх, не хачу, каб яны пацярпелі».
Вольга Каракіна, дзяўчына палітзняволенага Змітра Фурманава, з 26 ліпеня трымала галадоўку каля турмы на Валадарцы. Яна сказала, што сёння міліцыянты папярэдзілі яе, што гэта «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства».
«Падышлі, сказалі, што мы вельмі доўга тут знаходзімся і што калі мы не пойдзем адсюль, то супраць нас пачнуць адміністрацыйны працэс», — расказала Вольга Радыё Свабода.
Вольга Каракіна галадала разам з маці Змітра Фурманава. Той падчас галадоўкі выклікалі хуткую дапамогу, кажа Вольга, і дактары забаранілі ёй працягваць галадаваць. 30 ліпеня маці спыніла галадоўку і вярнулася ў Гродна.
Вольгу ўвесь гэты час падтрымлівалі неабыякавыя людзі, якія і цяпер знаходзяцца разам з ёй.
«Проста добрыя людзі, я іх раней ня ведала, — кажа Вольга. — Цяпер тут 4 чалавекі, і я не хачу, каб з імі нешта здарылася».
29 ліпеня стала вядома, што Змітра Фурманава перавялі з СІЗА на Валадарцы ў СІЗА ў Жодзіна.