Мінабароны анансавала грандыёзны канцэрт 6 жніўня на Дружбы народаў. З дэманстрацыяй спецыяльнай тэхнікі
Раней на 6 жніўня ў мінскім парку Дружбы народаў быў анансаваны вялікі мітынг-канцэрт у падтрымку Святланы Ціханоўскай. Ён меўся пачацца а 17-й гадзіне.
Учора стала вядома, што ўлады будуць ладзіць штодня свае канцэрты ў Парку. На 6 жніўня там быў запланаваны канцэрт з нагоды Дня чыгуначных войскаў, якіх фактычна не існуе з 2006 года (існуе асобная чыгуначная брыгада).
І вось Мінабароны анансавала ў сваім тэлеграм-канале, што 6 жніўня з 17:00 да 21:00 у парку Дружбы народаў пройдуць святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня чыгуначных войскаў.
Плануецца:
— канцэрт Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Беларусі і зорак беларускай эстрады;
— выступленні вайскоўцаў роты ганаровай варты;
— выступленні спецыялістаў кіналагічнага цэнтра УС РБ са службовымі сабакамі;
— дэфіле аркестра 30-й асобнай чыгуначнай брыгады;
конкурсы, у якіх можна паўдзельнічаць усёй сям'ёй. Пераможцаў чакаюць спецыяльныя прызы ад Мінабароны.
Акрамя таго, у парку будзе разгорнута выстава спецыяльнай тэхнікі транспартных войскаў.
Мінабароны запрашае на свята ветэранаў транспартных войскаў, а таксама ўсіх мінчан і гасцей сталіцы.