БЕЛ Ł РУС

Універсітэты ў краіне перайшлі на безлекцыйнае навучанне. Беларусь пакуль застаецца на перыферыі пандэміі

17.03.2020 / 12:49

Сяргей Гезгала

У адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя ўніверсітэты Беларусі перайшлі на безлекцыйнае навучанне.

Заняткі працягваюцца, але перавага аддаецца дыстанцыйным метадам, а таксама лабараторным і семінарным заняткам, каб навучэнцы не збіраліся вялікімі групамі.

Акрамя таго, некаторыя факультэты змянілі расклад так, каб студэнты не мянялі аўдыторый, а заставаліся ў той самай аўдыторыі.

На каранцін адпраўляюць тыя групы студэнтаў, у якіх ёсць інфікаваны. Такое адбылося, напрыклад, у Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Па стане на 16 сакавіка Беларусь заставалася на перыферыі пандэміі каранавіруса. У краіне зафіксавана 36 выпадкаў заражэння, 35 з іх лёгкія.

Нітачкі заражэння ў Беларусь ідуць з Ірана, Італіі, Нямеччыны і Расіі.

Вірус у Беларусі пакуль амаль не зачапіў людзей старэйшага ўзросту, для якіх ён уяўляе найбольшую небяспеку.

Па стане на вечар 15 сакавіка колькасць выяўленых ахвяр каранавіруса ў свеце перавысіла 7100.

Усяго ў свеце выяўлена больш за 183 тысячы заражэнняў.

Асабліва трывожная сітуацыя складаецца ў Італіі, Іране, Іспаніі.

Высокая колькасць смяротных выпадкаў прапарцыйна да колькасці выяўленых носьбітаў фіксуецца ў Інданэзіі, Францыі, ЗША, Нідэрландах і на Філіпінах. Гэта можа азначаць, што ў дадзеных краінах выяўленая толькі малая доля носьбітаў інфекцыі. Аналагічнае адносіцца да Іспаніі і Італіі.

Па колькасці выяўленых заражэнняў на душу насельніцтва ў чырвонай зоне таксама Швейцарыя, Нарвегія, Данія, Эстонія, Славенія, Швецыя, Аўстрыя.

Можна чакаць, што сітуацыя ў найбліжэйшыя дні будзе абвастрацца. Пакуль свайго піку ў Еўропе і ЗША эпідэмія не дасягнула.

Большасць еўрапейскіх краін увялі строгія каранцінныя меры, спынілі заняткі ў школах і ўніверсітэтах і рыхтуюць праграмы дапамогі кампаніям, якія пацерпяць ад эканамічнага спаду ў выніку пандэміі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула