На Ушаччыне вяскоўка не пусціла ўначы ў сваю хату п'янага суседа. Ён закідаў яе петардамі
Жыхар вёскі Арэхаўна на Ушаччыне закідаў хату суседкі петардамі, пасля таго як жанчына адмовілася ўпусціць да сябе ноччу п'яных гасцей, паведамляе міліцыя.
Двое маладых жыхароў вёскі выпілі, а потым адправіліся ў госці да суседкі. Але гаспадыня адмовілася іх упускаць.
Адзін з сяброў з гэтым змірыўся, а другі вырашыў адпомсціць жанчыне. Дастаў петарду і засунуў яе ў акно хаты. Ад выбуху піратэхнікі з рамы вылецела адна шыба. Другая шыба вытрымала напор ударнай хвалі. Тады хлопец узяў камень, разбіў акно і закінуў у дом яшчэ адну петарду.
Жанчына патэлефанавала ў міліцыю. Супраць хлопца распачалі крымінальную справу за хуліганства.