Брэсцкія пратэстоўцы заявілі, што будуць вылучаць свайго кандыдата ў прэзідэнты
Ініцыятыўная група жыхароў горада, якія пратэставалі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, збіраецца вылучыць свайго кандыдата на выбарах прэзідэнта Беларусі. Ужо названа імя верагоднага прэтэндэнта: Дзям'ян Лепясевіч — адзін з лідэраў пратэстуючых, піша «Радыё Свабода».
Дзям'ян Лепясевіч.
Сам Дзям'ян Лепясевіч ў інтэрв'ю заявіў, што ініцыятыўная група будзе вывучаць грамадскую думку.
«Мы як ініцыятыўная група звяртаемся да народа Рэспублікі Беларусь з пытаннем-прапановай: мы хочам вылучыць свайго кандыдата ў прэзідэнты, каб нешта змяніць у гэтай краіне. Таму што, як мы бачым, у нас закон не працуе абсалютна. Усё робіцца не на карысць здаровага сэнсу, а на карысць нечых незразумелых інтарэсаў.
Калі народ праявіць сваё жаданне і падтрымае нашу ідэю, то мы сядзем за круглы стол і прымем такое рашэнне аб вылучэнні. Маральна мы гатовыя — калі б не былі гатовыя, мы б такога не казалі. Ісці папулісцкімі метадамі мы не збіраемся, мы спытаем спачатку ў грамадства, у народа яго меркаванне, а потым будзем прымаць рашэнне канчаткова», — сказаў Свабодзе Дзям'ян Лепясевіч.
Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы плануюць высвятляць меркаванне людзей праз інтэрнэт.
«Спытаем праз сацыяльныя сеткі, праз інтэрнэт, гэтага цалкам дастаткова. Калі нехта арганізуе сацапытанні, будзем яму толькі ўдзячныя. У нас часу дастаткова, ніхто нікуды не спяшаецца і ні да чаго не абавязвае — гэта дыялог з грамадствам», — кажа Дзям'ян Лепясевіч.
***
Дзям'ян Лепясевіч — адзін з лідэраў групы жыхароў горада, якія пратэстуюць супраць завода. Ён мае тэхнічную адукацыю і звяртае ўвагу на розныя супярэчнасці ў справе будаўніцтва завода. Пратэстоўцы прыслухоўваюцца да яго меркавання.