Былы намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама прысуджаны да васьмі гадоў калоніі
Суд Маладзечанскага раёна прысудзіў былога намесніка старшыні Валожынскага райвыканкама Іосіфа Ляшкевіча да васьмі гадоў пазбаўлення волі за карупцыйныя злачынствы.
Чыноўнік быў затрыманы год таму. Як паведамлялі раней у МУС, ён дапамог асвоіць каля 2 млрд рублёў (недэнамінаваных), якія з бюджэту былі выдзеленыя на рэканструкцыю і будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў. Грошы пералічылі прыватнаму прадпрыемству, за гэта Ляшкевіч атрымаў 40 квадратных метраў паркету, які праваахоўнікі ацанілі ў 10 млн рублёў. У выніку незаконнай здзелкі сарваўся тэрмін здачы шматкватэрнага дома. Падрадчык аказаўся нядобрасумленным, акты аб выкананых работах былі фіктыўныя.
Як паведамляе Мінскі абласны суд, Іосіф Ляшкевіч прызнаны вінаватым у перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў (ч. 3 арт. 426 КК), а таксама ў атрыманні хабару (ч. 3 арт. 430 КК). У выніку суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Асаблівасць гэтай крымінальнай справы ў тым, што судовае следства было адноўлена пасля таго, як суддзя пайшла ў дарадчы пакой для вынясення прыгавору. Справа разглядалася пад старшынствам суддзі Інесы Южык.
Прысуд не набыў моц, абвінавачваны мае намер абскардзіць яго ў Мінскім абласным судзе.