369 машын чысцяць Мінск ад снегу
Пра гэта паведаміў БелТА намеснік генеральнага дырэктара ДВА «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» Анатоль Жамоздзік.
«Сітуацыя штатная, цяпер працуе 369 адзінак тэхнікі, не менш за 300 машын выйдуць на ўборку вуліц у начную змену. Праведзеная апрацоўка дарожнага палатна процігалалёднымі матэрыяламі. Намаганні будуць накіраваныя на ачыстку пешаходных зон, прыпынкаў грамадскага транспарту, уваходаў у падземныя пешаходныя пераходы», — адзначыў Анатоль Жамоздзік.
Усяго ў сталіцы да працы ў асенне-зімовы перыяд падрыхтавана 727 адзінак тэхнікі для ўборкі тэрыторый і вывазу снегу. Акрамя таго, дарожныя службы ў моцныя снегапады могуць прыцягваць да 300 адзінак тэхнікі іншых арганізацый у змену. Добраўпарадкавана 18 пляцовак для часовага складавання снегу, нарыхтавана каля 56 тыс. т пясчана-саляной сумесі.