Ашуканцы на мільён. Выкрытая яшчэ адна «аўтамабільная піраміда» ў Мінску
162 чалавекі аддалі машыны ў «камісіёнку», але грошы так і не атрымалі.
Завершана расследаванне па справе аб махлярстве з аўтамабілямі ў Мінску. 162 чалавекі засталіся ні з чым, а абвінавачаныя зарабілі больш за 1,3 млн даляраў. Калі віна будзе даказаная, ім пагражае да дзесяці гадоў за кратамі.
Фота Следчага камітэта
Пад вартай знаходзяцца ўсе пяцёра ўдзельнікаў злачыннай групы, уключаючы кіраўніка. Па версіі следства, яны арганізавалі аўтасалон «Фрэшмотарс», да гэтага заснавалі прыватныя прадпрыемствы «Авангардхаўз» і «Гуд роўд». Займаліся купляй-продажам аўтамабіляў, для гэтага арандавалі офісы і паркоўкі ў Мінску.
Злачынная схема працавала па наступным сцэнары: з гаспадаром машыны заключалі дамову камісіі, далей абяцалі аўтамабіль прадаць і вярнуць грошы пасля заканчэння ўказанага тэрміну. Пасля гэтага махляры ў самыя кароткія тэрміны прадавалі прынятыя на камісію аўтамабілі трэцім асобам, у тым ліку і па больш нізкім кошце, чым той, што быў ўказаны ў дамове з уладальнікам.
Першапачатковым уладальнікам аўто грошы не вярталі наогул альбо часткова кампенсавалі страты. «Бізнэсоўцы» тлумачылі гэта часовымі фінансавымі цяжкасцямі ў кампаніі. Па факце ж атрыманыя грошы трацілі на свае патрэбы.
Схема працавала амаль год: з мая 2014-га па красавік 2015 года.
Як адзначае Следчы камітэт, папярэдне выяўленыя 164 факты завалодання аўтамабілем шляхам махлярства, 162 чалавекі прызнаныя пацярпелымі. Сума шкоды склала больш за 2 615 000 дэнамінаваных рублёў. Гэта больш за 1,3 млн даляраў.
Вядома месцазнаходжанне 160 аўтамабіляў, накладзены арышт на грошы фігурантаў крымінальнай справы.
Усім пяцярым выстаўленае абвінавачванне ў махлярстве, здзейсненым арганізаванай групай і ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 209 КК). Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Гэта не першы выпадак стварэння «аўтамабільнай піраміды» ў Беларусі. Са жніўня 2012 па снежань 2013 года аўтахаўс «Автопапа» і два індывідуальныя прадпрымальнікі заключылі пісьмовыя і вусныя пагадненні з грамадзянамі з нагоды продажу іх аўтамабіляў. Узятыя на сябе абавязацельствы абвінавачаныя не выканалі. Пацярпелых аказалася больш за 40 чалавек.
Але самым гучным стала справа аўтахаўса «АвтоКомпаніСэвен». 500 чалавек аддалі свае машыны ў «камісіёнку», але грошы так і не атрымалі. У гісторыі беларускага правасуддзя яшчэ не было працэсу, па якім бы праходзіла столькі пацярпелых. Сума шкоды таксама ўражвае — больш за 94 млрд рублёў. Гэта амаль 4,5 млн даляраў.