Пефціеў прафінансаваў будаўніцтва храма на Палессі
Беларускі бізнэсовец Уладзімір Пефціеў некалькі тыдняў таму прысутнічаў на адкрыцці храма ў вёсцы Тонеж у Лельчыцкім раёне.
На сайтах Беларускай праваслаўнай царквы і тураўскай епархіі, дзе паведамляецца пра гэту падзею, пра Пефціева гаворыцца, як аб галоўным фундатару будаўніцтва Нікольскага храма.
Царква збудаваная на месцы спаленага ў 1943 годзе нацысцкімі карнікамі храма, у якім жыўцом згарэлі 262 мясцовых жыхара. З іх 108 чалавек былі дзецьмі да 16 гадоў.
Дабраславеньне на будаўніцтва храма ў «палескай Хатыні» даў яшчэ ў 2009 годзе тагачасны мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, а сродкі акрамя Уладзіміра Пефціева на яго збудаванне пералічылі мясцовыя жыхары і раённыя ўлады. Студэнты Беларускай акадэміі мастацтваў і айчынныя мастакі дапамаглі стварыць іконы.