Кіеў сур'ёзна рыхтуецца да абароны ФОТЫ
Але пры гэтым захоўвае свой вясёлы і лёгкі дух.
Гэтае фота зроблена на Уладзімірскай вуліцы Кіева ля Залатых Варотаў а 23-й гадзіне. Недзе прыкладна ў гэтым месцы ў 1240 годзе ў горад уварваліся перадавыя сотні Бату-хана. Цяпер жа моладзь іграе тут на фартэпіяна, седзячы на сплеценых з лазы лаўках. Людзі спыняюцца паслухаць.
У бандэраўцаў увогуле нейкі бзік з гэтымі фартэпіянамі. Інструменты стаяць па ўсім Кіеве. Тое, на якім ігралі на Майдане, дагэтуль выкарыстоўваецца перад будынкам гарадской рады.
Вось табе і вайна, і падрыхтоўка да яе.
На будынку Міністэрства замежных справаў па-ранейшаму вісяць сцягі Украіны і Еўрасаюза.
Каля дзяржаўных будынкаў не відаць ні якай асаблівай аховы. Сядзіць у буданчыку адзін салдат, і ўсё. Міліцыі ўвогуле мала відаць.
У суботу гітарыст і кабзар спявалі пад міністэрствам народныя песні, збіралі грошы. Мяне прывёў туды Віктар Марціновіч паслухаць. Сказаў, што ніколі не чуў, каб на вуліцы спявалі такім оперным голасам. Побач гулялі сем'і ў вышыванках.
У Кіеве народ масава носіць вышыванкі.
Георгіеўскай стужкі я не сустрэў ніводнай, нідзе.
Горад завешаны нацыянальнымі сцягамі.
Хто не ўкраінец, той вывешвае на машыне два сцягі: напрыклад, беларускі і ўкраінскі, азербайджанскі і ўкраінскі.
ПТН — гэта скарот ад Пуцін, а ПНХ — таксама скарот. Такія налепкі сустрэнеш на машынах. А майкі з такім надпісам — атрыбут усіх сувенірных развалаў.
Пуціна пасылаюць. Кіеў Пуцін страціў назаўжды.
У пятніцу ў фестываль-рэстарацыі «Дыван» Андрэй Хадановіч паставіў на вушы 400 чалавек публікі. 19 мая тамсама выступае беларускі гурт «Вурай».
Ахлабысцін з экрана можа несці ўсякую лухцень, а сам едзе ў кубло бандэраўцаў з канцэртам.
Кіеў нагадвае вялікі карнавал.
Пры гэтым за кошт дэвальвацыі грыўні там цяпер усё зусім таннае. Мясное, сыры ў крамах каштуюць удвая танней, чым у Мінску. Танна здаюцца і кватэры, пакоі, бо турыстаў мала і крызіс абмежаваў эканамічную актыўнасць. Пашыць гарнітур у атэлье дзесьці ў цэнтры можна практычна за капейкі. Людзі хапаюцца за любую працу.
У крамцы «Беларускія прадукты» на Падоле з беларускага цяпер толькі сасіскі «Беларускія» вырабу Роўненскага мясакамбіната. Сапраўдныя беларускія прадукты задарагія цяпер.
Вось так выглядае Украіна за тры дні да выбараў, якія Расія хоча любым коштам сарваць. Тэракты, расстрэлы, забойствы — чорныя навіны гэтага майскага тыдня.
Пад прысадамі на вуліцы Інстытуцкай, арэне самага крывавага бою гэтай рэвалюцыі, яшчэ можна знайсці нявыкарыстаныя кактэйлі Молатава і бутлі з бензінам. Так нібы экспанаты жывога музея рассыпаны па горадзе.
Нічога гэтага ў Кіеве не заўважна, калі ты не глядзіш тэлевізар і не ўслухоўваешся ў размовы людзей.
На тратуарах сустракаюцца імправізаваныя мемарыялы памяці герояў рэвалюцыі.
Толькі на трэці вечар перабывання ў Кіеве я сустрэў людзей у камуфляжы ў масках. Яны стаялі вакол аўтобуса на Міхайлаўскай плошчы. Вось як у нас на пляцоўцы каля Акадэміі навук збіраюцца турысты ў аўтобус для паездкі кудысьці ў Вільню, у «Акропаліс», так тут стаяў аўтобус, які адпраўляўся на вайну.
Пад'язджаюць аўтамабілі, з іх вылазяць хлопцы ў новым камуфляжы. Хтосьці ў чорных балаклавах, хтосьці без. Загружаюць рукзакі ў багажнае аддзяленне і сядаюць у салон. Добраахвотнікі, якія едуць на вахту.
Яны папрасілі не здымаць іх і не распытваць. Я і не здымаў. Раз яны хаваюць твары, значыць, ёсць прычыны. З-пад балаклаваў глядзяць вочы. Хлопцам гадоў па 18—22. Не гопнікі — студэнты. Яны едуць ад фартэпіянаў на фронт. Як ехалі іх папярэднікі, студэнты ў 1918-м, на бой супраць бальшавікоў. Толькі цяпер іх больш, і за імі дзяржава, абкрадзеная, слабая, але дзяржава. І падтрымка ўсяго Вольнага Свету, якой не было ў 1918-м.
Цяпер ён недзе на фронце.