У Расіі могуць забараніць набываць замежную медтэхніку
Урад Расіі разглядае праект пастановы, якая забароніць расійскім дзяржаўным медыцынскім установам набываць медычныя тавары, вырабленыя за межамі Расіі, Беларусі ці Казахстана. Таксама прапануецца забараніць набываць тавары медыцынскага прызначэння, у якіх доля імпартных складнікаў большая за 50%.
У дакуменце пазначана, што падобныя захады накіраваныя на «абарону ўнутранага рынку Расійскай Федэрацыі».
Пералік тавараў, што падпадаюць пад абарону, вельмі шырокі. У яго ўваходзяць як сурвэткі, робы і шпрыцы, так і складаная медтэхніка: тамографы, апараты рэнтгенаграфіі і абсталяванне для рэанімацыі.
Верагодна, такім чынам Расія адказвае на магчымыя і ўжо ўведзеныя санкцыі Захаду.
Варта адзначыць, што расійскія ўлады ўжо неаднаразова выказвалі гатоўнасць ахвяраваць здароўем і дабрабытам уласных грамадзян дзеля «сіметрычнага адказу» на санкцыі. Так, у 2012 годзе Расія забараніла ЗША усынаўляць расійскіх дзяцей. Афіцыйна гэта тлумачылася смерцю прыёмнанага дзіцяці Дзімы Якаўлева ў амерыканскай сям'і. Аднак многія лічаць закон адказам на «Спіс Магніцкага», па якім многім высокім расійскім чыноўнікам быў забаронены ўезд у ЗША.