БЕЛ Ł РУС

Ада Райчонак перадала дзяржаве сядзібу садавода Івана Сікоры

2.09.2013 / 11:04

Грамадская дзяячка Ада Райчонак перадала Шаркоўшчынскаму райвыканкаму сядзібу беларускага садавода Івана Сікоры, што ў вёсцы Малыя Алашкі.

Ада Эльеўна разам з паплечнікамі ўратавала дом ад разбурэння (сваякі Сікоры прадавалі яго на дровы) і адрамантавала яго.

Каля дзесяці год таму сябры культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча, якім кіруе Ада Райчонак, набылі сядзібу Івана Сікоры, падтрымлівалі на ёй парадак, аднавілі інтэр’ер дома.

«Іван Паўлавіч быў мне сябрам, я глядзела на яго як на вялікага чалавека.
Да канца жыцця мы сябравалі. Я не магла дапусціць, каб яго хата пайшла з малатка… Куплялі мэблю, падобную на тую, якая была ў Івана Паўлавіча. Сабралі бібліятэку: канечне, не той багаты кнігазбор, якое ў яго быў, але ўсё ж…», — успамінае Ада Райчонак.

Сябры цэнтра імя Драздовіча і іншыя неабыякавыя людзі збіраліся штогод на талаку, каб падтрымліваць парадак на сядзібе садавода. Ды падтрыманне яе ў належным стане патрабуе вельмі шмат высілкаў.

Ада Райчонак, якая летась адсвяткавала 75-гадовы юбілей, прызнаецца, што гэта стала занадта цяжка.

Сімвалічная цырымонія перадачы адбылася 19 жніўня падчас свята «Яблычны Спас», што праводзіць райвыканкам у Малых Алашках. Разам з дакументамі на дом Ада Райчонак перадала дзяржаве частку асабістага архіва Івана Сікоры: перапіска з навукоўцамі, лісты да настаўніка Георгія Мядзюхі, занатоўкі навуковых доследаў.

У вёсцы Малыя Алашкі знаходзіцца дзяржаўны музей Івана Сікоры. Дом садавода ўвойдзе ў склад гэтага музея і будзе даступны для наведнікаў.

* * *

Іван Сікора — беларускі садавод-самавук.
Нарадзіўся ў 1885 годзе ў вёсцы Малыя Алашкі Дзісненскага павета. Скончыў Краснагорскую двухгадовую настаўніцкую школу, курсы настаўнікаў у Кракаве. Вучыў дзяцей у роднай вёсцы, быў звольнены польскай адміністрацыяй за выкладанне па-беларуску.

Патрэт Івана Сікоры. Карціна Віктара Крука з экспазіцыі прыватнага літаратурна-мастацкага музея імя Міхася Райчонка ў Германавічах Шаркоўшчынскага раёна.

Пасля звальнення з настаўніцкай працы пачаў працаваць садаводам у абшарніка Пшаздзецкага ў мястэчку Варапаева Пастаўскага павета. Садаводства Іван Сікора асвоіў самастойна, і да канца жыцця займаўся селекцыянаваннем раслін.

Вывеў каля 500 гатункаў яблыні, 100 гатункаў ігруш, многія гатункі сліваў, бэзу, ружаў.
У многіх садах нашага краю растуць яблыкі гатунку «Памяць Сікоры» — яны смачныя і добра захоўваюцца.

Віктар Сікора, сын Івана, пры нямецкай акупацыі быў сябрам Саюза беларускай моладзі і таемнай Беларускай незалежніцкай партыі. Пасля прыходу Чырвонай арміі ўзначаліў антысавецкі партызанскі атрад. Адседзеў дзесяць год у ГУЛАГу, вярнуўся ў 1954 годзе. Жыў у Малых Алашках, памёр у 2008 годзе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула