БЕЛ Ł РУС

«Зона» не адпускае

2.07.2013 / 10:46

Піша Аляксандр Атрошчанкаў.

Толькі што я даведаўся, што тыдзень таму загінуў мой сябар.

23 чэрвеня, на Сёмуху, у Брэсце знайшлі павешаным былога падпалкоўніка КДБ, былога зняволенага Аляксандра Іванавіча Марцінчыка.
Мы з ім пазнаёміліся на «зоне», у ВК-3, што ў пасёлку «Віцьба» пад Віцебскам.

У агульны атрад мяне перавялі ў сярэдзіне красавіка. Да гэтага я правёў 4 месяцы ў СІЗА КДБ. У «амерыканцы» ўсё ўладкавана так, каб цалкам выключыць кантакты са змоўшчыкамі і вонкавым светам. Цягам усяго свайго знаходжання там ты не бачыш нікога, акрамя пары сакамернікаў і некалькіх ахоўнікаў. У такой сітуацыі цалкам адвыкаеш ад людзей. Таму калі цябе пераводзяць у агульны атрад, узнікае адчуванне, што трапіў у мурашнік.

У параўнальна невялікім памяшканні хаатычна перасоўваюцца 120–140 чалавек. Яны бегаюць, мітусяцца, заварваюць гарбату, гатуюць ежу, сціраюць, сушаць бялізну, нешта на нешта мяняюць, шэпчуцца, хтосьці просіць гарбаты або «страляе» цыгарэты, крычаць, смяюцца, канфліктуюць… Пры гэтым для цябе ўсе яны на адзін твар і ў падобнай вопратцы. Пасля маркотнага аднастайнага побыту СІЗА мозг зусім адвыкае ўспрымаць так шмат інфармацыі. Ад гэтага, як кажуць вязні, трасецца галава.

У гэтай складанай для кожнага арыштанта сітуацыі Саша Марцінчык быў адным з тых, хто апынуўся побач.
Ён дапамог мне прыйсці ў сябе, разабрацца, хто ёсць хто, уладкаваць побыт… Ён быў адным з тых, хто даваў неабходныя парады — відавочныя для дасведчанага зэка, але бясцэнныя для пачаткоўца.

Вядома, пасля таго, што я бачыў у «амерыканцы», я не мог без насцярожанасці паставіцца да нешматслоўнага замкнёнага падпалкоўніка КДБ… Разумеў гэта і ён. Не набіваўся ў сябры, але рабіў усё, каб дапамагчы мне асвоіцца. Пазнаёміў з прыстойнымі людзьмі са зняволеных, патлумачыў бытавыя моманты, паказаў, дзе можна браць кнігі.

Асобнае месца жыцця кожнага зняволенага займае ўласная, калі можна так выказацца, ментальная арганізацыя — сістэма ўнутраных «якараў» і перакананняў, якая трымае цябе ў тонусе і не дае звар’яцець у той ненармальнай сітуацыі. У кагосьці ў цэнтры гэтай сістэмы становіцца рэлігія, у кагосьці — блізкія, хтосьці фіксуецца на надзеі на датэрміновае вызваленне, хтосьці, як ненармальны, качае мышцы… Мабыць, у мяне з гэтым усё было ў норме, але і тут Саша стараўся падстрахаваць: недакучліва прапаноўваў размовы пра Бога, падсоўваў то Біблію, то «Гутаркі з Крышнамурці», то псіхалагічную літаратуру…

Не скажу, што мы хутка сталі сябрамі, але за кратамі ўсё па-іншаму. За некалькі месяцаў на суседніх «шканарах» у суме ты праводзіш побач з чужым чалавекам больш часу, чым на волі з самым блізкім сябрам за шмат гадоў. Як бы чалавек ні стараўся прыкідвацца або пазіраваць, гэта бескарысна. Пастаянна прыкідвацца немагчыма, і ты будзеш ведаць калі не пра яго мінулае, то пра асобу чалавека практычна ўсё.

Ён не распытваў мяне пра «мае справы», а я не лез у яго. Але было відаць, што гэта разумны, добры, прыстойны чалавек. Нават у тых умовах у яго атрымлівалася дапамагаць іншым зняволеным — камусьці ўладкавацца і змірыцца з лёсам, камусьці — не звар’яцець, камусьці — аспрэчыць прысуд і выйсці раней, камусьці — ніколі «туды» не вярнуцца.

Да арышту Аляксандр Марцінчык працаваў у КДБ.
У асноўным у Брэсце. Ён займаўся процідзеяннем кантрабандзе, нелегальнай міграцыі, расследаваннем злачынстваў у гэтых галінах. Яго абсалютна не цікавіла палітыка і працэсуальныя моманты. Ён быў да мозгу касцей опер. Ён лічыў, што КДБ павінен быць чыстай спецслужбай з шырокімі магчымасцямі аператыўна-вышуковай дзейнасці, але цалкам вызваленым ад працэсуальных момантаў, такіх як завядзенне крымінальных справаў, давядзенне іх да суда, выкананне розных колькасных паказчыкаў і г.д. Выключнай і адзінай кампетэнцыяй КДБ ён бачыў пытанні нацыянальнай бяспекі. З павагай ставіўся да Леаніда Ерына. Лічыў яго апошнім прафесійным кіраўніком КДБ, пасля адстаўкі якога гэтае ведамства ператварылася ў орган палітычнага вышуку і зарабляння грошай.

У некаторых пытаннях я з ім не мог пагадзіцца, але па ўсім было відаць, што гэта чалавек з падрыхтоўкай найвышэйшага ўзроўню, шырокім кругаглядам і высокімі стандартамі прафесійнай этыкі. Упэўнены, што прафесіяналам такога ўзроўню ганарылася б спецслужба любой краіны. Ён па ўсіх параметрах ашаламляльна адрозніваўся ад бездапаможнага закамплексаваныя следчага Шпакава, які вёў маю справу, ці ад тупаватых аператыўнікаў, па сумяшчальніцтве аматараў «Дома-2» Славіка і Сцяпана Драгуна, якія мяне распрацоўвалі падчас знаходжання ў СІЗА КДБ.

Ён быў тым «гэбэшнікам», у існаванне якіх мне заўсёды хацелася верыць: беларускі патрыёт, разумны, прафесійны, свядома далёкі ад палітыкі.

Галоўная зброя аператыўніка — уменне знайсці агульную мову з людзьмі, паглыбіцца ў іх праблемы, прасякнуцца іх інтарэсамі і клопатамі. Фармат артыкула не дазволіць мне на гэтым спыніцца больш падрабязна. Але зона — гэта асяроддзе, дзе міжасобасныя адносіны маюць гранічна ўтрыраваны характар. І я меў мноства магчымасцяў асабіста назіраць, як Саша з першага погляду мог ацаніць чалавека і на некалькі хадоў наперад прадказаць яго паводзіны. Гэтыя навыкі мяне захаплялі, але, калі шчыра, я б многае аддаў, каб не апынуцца ў табары яго ворагаў. Думаю і ведаю, што ў пэўных сітуацыях Саша мог быць рэзкім і бязлітасным. Ён быў хрысціянінам, але падстаўляць другую шчаку было не ў яго стылі.

Але ў цэлым ён быў вернікам і вельмі часта правіны людзей тлумачыў слабасцямі, вартымі спагады. З гэтага правіла было адно выключэнне. Імя гэтага выключэння — Святлана Байкова. Пры згадцы гэтага імені яго літаральна пачынала трэсці. Рэч нават не ў тым, што яна была следчым па яго справе. У яго «пасадцы» ўзяў удзел не толькі следчы, але і шмат іншых людзей: суддзя, пракурор, былыя калегі… Ні да кога з іх ён не меў такой нянавісці.

Рэч была ў тым, што калі Аляксандр Марцінчык быў пад следствам, памерла яго маці. Адвакат дамовіўся са следчым, што Сашу даставяць пад канвоем на пахаванне ці хоць бы ў морг — развітацца з самым блізкім чалавекам. Варта адзначыць, што чалавек, які змяшчаецца ў следчым ізалятары, нават фармальна не лічыцца злачынцам. Ён не асуджаны. Яму толькі абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, пакуль следства збірае супраць яго доказы.

Нават уключыўшы ўсю фантазію, мне цяжка ўявіць сітуацыю, пры якой дастаўка чалавека ў наручніках пад канвоем на пахаванне або ў морг можа пашкодзіць інтарэсам следства. Мабыць, Святлана Байкова была іншага меркавання.
Сказаўшы «так» адвакату, у пэўны момант яна проста некалькі дзён не адказвала на тэлефонныя званкі. У выніку патрэбная пастанова аб дастаўцы падследнага Марцінчыка на развітанне з маці не была падпісаная.

Калі была арыштаваная Святлана Байкова, гучала шмат розных пунктаў гледжання на гэтую тэму. Пісалася аб барацьбе кланаў сілавікоў. Нехта прымаў чыйсьці бок, хтосьці казаў пра злоўжыванні, хтосьці нават пісаў, што Байкова паплацілася за сваю прынцыповасць. Я не хацеў фармраваць сваю пазіцыю адносна ўсяго гэтага. Але пасля гэтай гісторыі многае для мяне праяснілася. Не таму, што я нешта даведаўся пра групоўкі кланаў, а таму што не пусціць сына на пахаванне маці, у чым бы яго ні абвінавачвалі, — гэта не ўчынак прафесіянала. Гэта ўчынак асатанелага ад усёдазволенасці быдла.

На момант, калі мяне перавялі ў ВК-3, Саша сядзеў ужо 4 гады. Яшчэ праз год яму замянілі неадбытую частку пакарання больш мяккай. У выніку пасля шасці гадоў у турмах і зонах ён выйшаў на УДВ. Усяго яму «ўкацілі» 8 гадоў. Як я ўжо пісаў вышэй, я не асабліва ўнікаў у дэталі яго справы. Саша мне расказваў пра яе толькі ў агульных рысах. Нейкія часткі прысуду ён даваў мне пачытаць, але не «грузіў» падрабязнасцямі. З таго, што я бачыў, у мяне склалася ўражанне, што суд наогул слаба сабе ўяўляў абставіны справы і зусім не хацеў у іх разбірацца, але выконваў ўказанне зверху. Але гэта маё суб’ектыўнае меркаванне. Я не настойваю.

Я пра іншае. Я пра факты. А факты ў тым, што чалавек адседзеў шэсць гадоў з васьмі. Ён выйшаў зусім нядаўна па УДВ. Для яго, як і для іншых зэкаў, УДВ было святлом у канцы тунеля. У турме ён не зламаўся, захоўваў прысутнасць духу, падтрымліваў іншых і будаваў планы на новае жыццё пасля вызвалення. У яго было шмат планаў па арганізацыі ўласнага бізнэсу, ды і наогул чалавек з яго здольнасцямі мог знайсці сябе ў любой галіне. Так скажыце мне, чорт вазьмі, чаму чалавек, столькі перажыўшы і дабраўшыся да свабоды, лезе ў пятлю?! Што за крывадушная, д’ябальская сістэма пабудаваная ў нашай краіне, калі чалавек, які рваўся да мэты, накладае на сябе рукі, дасягнуўшы яе? Ці гэта не прысуд нашай пенітэнцыярнай сістэме, ды і ўсяму нашаму грамадству?

Я нічога не ведаю пра абставіны яго смерці, але я не веру ў яго самагубства. Калі шчыра, я б вельмі злаваўся на яго, калі б сапраўды быў упэўнены, што гэта самагубства. Занадта шмат тых, хто быў яму абавязаны. Занадта многія аддалі б яму апошнюю кашулю пры любых абставінах.

Хтосьці скажа, што я ідэалізую свайго таварыша па няшчасці, спрабую абяліць «гэбэшніка», што ў мяне «стакгольмскі сіндром», агульная з ім стратэгія выжывання і г.д. Няхай так. Не буду з гэтым спрачацца. Я сапраўды любіў гэтага чалавека, ён сапраўды мне вельмі дапамог, я сапраўды ўдзячны лёсу, што ён мяне з ім звёў, хай і пры такіх абставінах. І я сапраўды цяжка перажываю вестку аб яго смерці.

Я не змог быць на пахаванні свайго сябра. Я нават нейкі час не ведаў пра яго смерць. Таму маёй надмагільнай прамовай будзе гэты артыкул. Я не веру, што чалавек мог павесіцца пасля вызвалення, да якога ён імкнуўся шмат гадоў, не веру, што вернік мог павесіцца на Сёмуху.

На зоне ён неаднаразова казаў мне, што пасля вызвалення зробіць усё, каб аднавіць справядлівасць. Магчыма, сапраўдная прычына яго гібелі ў тым, што ён не захацеў спыніцца. Калі шчыра, я б хацеў у гэта верыць.

Хоць магчыма і іншае. У Васіля Быкава ёсць апавяданне «Сцяна». Вязень, герой гэтага апавядання, прыкладае неймаверныя намаганні, каб пераадолець турэмную сцяну і вырвацца на волю. Але калі яму гэта ўдаецца і ён заканчвае падкоп, які рыхтаваў у імя сваёй свабоды многія гады, усё, што ён знаходзіць, — гэта яшчэ адна сцяна. Гэта праўда, што, прарваўшыся праз адну сцяну, многія ўжо не знаходзяць у сабе сілаў праламаць другую, а магчыма, і трэцюю. Магчыма, так было і ў гэтым выпадку.

Я дапускаю і гэтую версію, але шалёна баюся яе. Таму што ў такім выпадку гэта прысуд усяму нашаму грамадству.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула