БЕЛ Ł РУС

Беларусьфільм» — панкам

1.07.2005 / 13:00

Nashaniva.com

«Вам — заданьне» Юрыя Бяржыцкага благое настолькі, што ня можа ня выклікаць асалоды, хоць вайсковыя фільмы апошніх гадоў пазначаюцца, прынамсі, нейкімі прыметамі прафэсійнасьці.

Галоўны герой карціны — асабіст (Віталь Ходзін) — напярэдадні вайны трапляе ў Заходнюю Беларусь, дзе змагаецца з бандаю кепскага пана-паляка, жэніцца, удзельнічае падчас вайны ва ўрачыстых перамогах, напрыканцы вяртаецца — і дабівае ворага. Кажуць, што нават Мікалай Чаргінец, аўтар раману, паводле якога здымаўся фільм, ня быў задаволены карцінай.

Фільм дынамічны: намёкі на чалавечае адразу выкараняюцца манумэнтальнаю прапагандаю. Асабліва трапнымі падаюцца кадры з вайсковай статыстыкай, якія зьяўляюцца ў карціне ні з пушчы ні з поля. А прызнаньне ў каханьні асабіста-жаніха гучыць як заклік да нявесты дабіваць пана-ворага.

Сцэна спаленьня людзей жыўцом пастаўленая так, што камэдыёграфы кусалі б локці ад зайздрасьці: плач і вой зьмяняецца радасным нападам на супастатаў; і так шчасьліва здараецца, што

адзіны загіблы — панскі сынок. Калі пан-здраднік заліваецца сьлязьмі, грае на піяніна і выслухоўвае дэмагогію суседа-нацыста, карціна дасягае свайго апатэозу.

У правінцыі на карціну зганяюць школьнікаў, што цалкам няслушна. Ацаніць фільм здольныя кінагурманы-цынікі, якія стаміліся ад мудрагелістасьці арт-хаўсу.

«Вам — заданьне»

Беларусь, 2004, каляровы, 75 хв.

Жанр: трэш-афіцыёз на вайсковую тэму

Адзнака: па-за межамі крытыкі

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула