Стала вядома, чым атруціліся дзеці ў барысаўскіх садках
Санітарна-эпідэміялагічная служба Міністэрства аховы здароўя Беларусі канфіскавала з абарачэння прадукцыю прадпрыемства «Біямалпрам» пасля расследавання выпадкаў шпіталізацыі дзяцей у Мінскай вобласці, паведамляе прэс-служба Мінздароўя.
Фота: topbrand.media
Як паведаміла намесніца міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны доктар Беларусі Святлана Нячай, гэта зроблена для прадухілення далейшага распаўсюджвання эпідэміялагічнай небяспекі, звязанай з прадукцыяй кампаніі.
2—3 чэрвеня дзясяткі дзяцей перадусім у Барысаве, але таксама і ў іншых мясцовасцях Мінскай вобласці былі шпіталізаваныя з сімптомамі, якія маглі сведчыць пра кішэчную інфекцыю. Па стане на 8 чэрвеня новых выпадкаў звароту па медыцынскую дапамогу не зафіксавана.
Падчас эпідэміялагічнага расследавання спецыялісты апыталі дзяцей і іх бацькоў, пасля чаго ў якасці верагоднай крыніцы заражэння быў вызначаны кісламалочны прадукт «Біфідзін».
Узор прадукцыі быў накіраваны на лабараторныя даследаванні. Праверка паказала, што прадукцыя не адпавядае патрабаванням мікрабіялагічнай бяспекі.
Супрацоўнікі санітарнага нагляду таксама праверылі ўмовы вытворчасці на прадпрыемстве. У выніку дзейнасць кампаніі была прыпыненая, а рэалізацыя яе прадукцыі спыненая.
У Міністэрстве аховы здароўя заявілі, што сітуацыя застаецца пад пастаянным кантролем ведамства.
Чытайце таксама:
З бальніцы ў Барысаве выпісалі апошняе дзіця, шпіталізаванае ў выніку атручэння
«Дзеці пілі той самы напой». Бацькі з іншых гарадоў пра атручэнне дашкольнікаў у Барысаве
Атручэнне дашкольнікаў зафіксавана і ў іншых населеных пунктах
У бальніцы ў Барысаве застаецца адзін дашкольнік
Атручэнне дзяцей у Барысаве адбылося ў 11 садках