БЕЛ Ł РУС

Краіны ЕС плануюць цалкам адмовіцца ад расійскага газу да восені 2027 года

3.12.2025 / 11:31

Nashaniva.com

Еўрапарламент і Рада ЕС папярэдне ўзгаднілі правілы паэтапнага адмаўлення ад імпарту расійскага газу, вынікае з прэс-рэлізу Еўрапарламента. План атрымаў назву REPowerEU, паведамляе «Дождь».

Для кароткатэрміновых кантрактаў забарона на звадкаваны прыродны газ набудзе моц 25 красавіка 2026 года, на газ па трубаправодах — 17 чэрвеня 2026 года.

Для доўгатэрміновых кантрактаў забарона на ЗПГ пачне дзейнічаць 1 студзеня 2027 года, а на газ па трубаправодах — 30 верасня 2027 года.

Таксама новы рэгламент абавязвае краіны ЕС прадставіць нацыянальныя планы па адмове ад расійскага газу з указаннем праблем, якія могуць узнікнуць праз гэта.

Аднак «у выпадку рэзкай пагрозы энергетычнай бяспецы адной або некалькіх краін ЕС» заключыць кантракт з Расіяй усё ж можна.

Гэта вялікае дасягненне для нас і для ўсёй Еўропы. Трэба цалкам спыніць залежнасць ЕС ад расійскага газу, і яго пастаянная забарона — важны крок у гэтым кірунку. Я рад, што нам удалося так хутка дамовіцца з Еўрапарламентам, — заявіў міністр энергетыкi Даніі Ларс Аагард.

Дакумент уступіць у сілу пасля зацвярджэння Радай ЕС і Еўрапарламентам.

Аб забароне на імпарт расійскага газу па трубаправодах і СПГ стала вядома з 19‑га пакета санкцый ЕС. Паводле даных Цэнтра даследаванняў энергіі і чыстага паветра, з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне і да верасня 2025 года ЕС закупіў палову ўсяго экспарту расійскага ЗПГ. Далей ідуць Кітай і Японія.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула