Мужчына, абвінавачаны ў спробе выкрадання дзяцей у Бараўлянах, аказаўся без віны вінаватым
Днямі жыхарка Бараўлянаў апублікавала ў Threads відэа, у якім заявіла, што нібы стала сведкай «спробы выкрадання дзяцей». Яна расказала, што ўвечары заўважыла мужчыну, які прыехаў на машыне да дзіцячай пляцоўкі і накіраваўся да дзвюх яе дачок. Жанчына падумала, што ён хоча забраць дзяцей, крыкнула яму і папярэдзіла, што будзе здымаць відэа і выкладзе яго ў інтэрнэт. Яна сцвярджала, што напісала заяву ў міліцыю. Цяпер гэта гісторыя атрымала працяг.
Скрыншот відэа. Мужчына падыходзіць да машыны і спрабуе даць жанчыне тлумачэнні
У міліцыі паведамілі, што знайшлі мужчыну, які быў на відэа, і правялі праверку. Аказалася, што ніякай спробы выкрадання насамрэч не было.
Мужчына, жыхар тых жа Бараўлянаў, прыехаў, каб забраць сваю дачку, якая гуляла ў двары з сяброўкай. Было ўжо цёмна, каля 17:30. Ён патэлефанаваў дачцэ, тая адказала, што гуляе каля дома. Прыйшоўшы туды, мужчына ўбачыў на арэлях дзяцей і вырашыў, што гэта яго дачка, бо здалёк дзеці былі падобныя. Ён гукнуў да дзяцей, але адказу не пачуў. Падышоў крыху бліжэй і зразумеў, што памыліўся. Таму развярнуўся і пайшоў назад.
У гэты момант жанчына, якая сядзела ў машыне каля пляцоўкі, пачала выказваць яму прэтэнзіі, што ён ходзіць да дзяцей. Мужчына падышоў патлумачыць, што шукае сваю дачку, і спрабаваў размаўляць спакойна. Жанчына прыгразіла, што запіша яго і выкладзе ў інтэрнэт. Мужчына на тое сказаў, што не супраць, бо яму няма чаго хаваць.
Праз некаторы час ягоная дачка выйшла з пад’езда (яна была ў кватэры сяброўкі), і яны разам паехалі дадому.
Выклаўшы гэту версію падзей, Міністэрства ўнутраных спраў абвінаваціла жанчыну ў тым, што яна стварыла «хайпавы кантэнт» і распаўсюдзіла інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасці.
На думку МУС, такія відэа выклікаюць у грамадстве неабгрунтаваную паніку. Чалавек жа, маўляў, які сапраўды турбуецца пра бяспеку дзяцей, у першую чаргу звярнуўся б у аператыўныя службы, а не размяшчаў відэа ў сацсетках для прыцягнення ўвагі.
З самой блогеркай таксама запісала пакаяннае відэа, у якім яна патлумачыла сітуацыю, што адбылася, і папрасіла прабачэння за ўкід. Паводле слоў жанчыны, з мужчынам проста не здолелі вырашыць пытанне на месцы, бо ён нібыта толкам ёй сітуацыю не патлумачыў.
Скрыншот пакаяннага відэа
Чытайце таксама:
Блогерка заявіла пра спробу выкрадання дзяцей у Бараўлянах
Папулярнага гомельскага блогера не забралі ў армію, ён проста піярыў сілавікоў
Збор для Вані Сцяцэнкі закрылі грашыма з арыштаваных сродкаў гродзенскіх блогераў