Забойства ветэрана вайны ў 2007 годзе раскрылі толькі цяпер
17 гадоў таму ў Пухавіцкім раёне забілі ветэрана Другой сусветнай вайны. Доўгі час злачынства заставалася нераскрытым, паведамляе Генпракуратура.
Фота: LookByMedia
Усё адбылося ў ноч за 6 студзеня 2007 года. У дом 83‑гадовага жыхара вёскі Светлы Бор пранік невядомы — ён знайшоў 250 тысяч недэнамінаваных рублёў (сёння гэта 25 рублёў), гадзіннік «Луч» і дзяржаўныя ўзнагароды СССР і Беларусі, якімі мужчыну ўзнагародзілі як удзельніка вайны.
«Калі гаспадар дома застаў злачынцу на месцы здарэння, той штурхнуў яго ў грудзі і не менш чым тры разы ўдарыў яго малатком па галаве. Пры гэтым ён ведаў, што пацярпелы — чалавек сталага ўзросту, інвалід II групы ў сувязі з хваробай апорна-рухальнай сістэмы. Затым абвінавачаны працягнуў пошукі каштоўных рэчаў у доме. Не знайшоўшы больш нічога каштоўнага і баючыся быць заспетым на месцы злачынства, ён схаваўся са скрадзенай маёмасцю і ўзнагародамі», — паведамляе Генеральная пракуратура.
Пазней мужчына здзяйсняў розныя злачынствы (у тым ліку цяжкія), знаходзіўся ў месцах пазбаўлення волі і ў выніку стаў фігурантам справы аб забойстве ветэрана ВАВ. Пасля вывучэння матэрыялаў справы ў пракуратуры Мінскай вобласці прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасці абвінавачання і пагадзіліся з кваліфікацыяй па ч. 3 арт. 207 (разбой), пп. 2, 12 ч. 2 арт. 139 (забойства), ч. 3 арт. 147 (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання) КК Рэспублікі Беларусь.