БЕЛ Ł РУС

Беларуса, затрыманага ў Грузіі, вызвалілі

18.07.2025 / 17:22

Nashaniva.com

18 ліпеня ў Грузіі з-пад арышту вызвалілі грамадзяніна Беларусі, які раней быў затрыманы на тры месяцы. Такое рашэнне прыняў Тбіліскі гарадскі суд, паведаміў выданню «Позірк» брэсцкі праваабаронца Раман Кісяляк, які цяпер жыве ў Грузіі.

«Арышт заменены неабходнасцю адзначацца ў Дэпартаменце міграцыі МУС раз на два тыдні. У той жа час той бок мае права абскардзіць рашэнне суда», — сказаў Раман Кісляк.

Як паведамлялася раней, 14 ліпеня беларус (ягонае імя не агалошваецца з меркаванняў бяспекі) звярнуўся ў міграцыйную службу з просьбай аб палітычным прытулку. Спачатку яго заяву прынялі, але потым вярнулі, а самога мужчыну затрымалі і змясцілі ў ізалятар.

Прычынай затрымання стала тое, што яго пашпарт пратэрмінаваўся яшчэ ў 2020 годзе, і ён не пакідаў краіну, каб абнавіць тэрмін знаходжання (візаран). Памяняць пашпарт праз беларускую амбасаду ён баяўся з-за рызыкі пераследу.

Паводле дзяўчыны затрыманага, яго пачалі шукаць беларускія сілавікі з-за рэпостаў з «экстрэмісцкіх» рэсурсаў. У Грузіі ён жыве з 2016 года, а да 2020-га яшчэ ездзіў у Беларусь.

15 ліпеня суд вырашыў змясціць яго пад трохмесячны арышт. Але пасля атрымалася афіцыйна падаць і зарэгістраваць заяву на прытулак, а згодна з грузінскім заканадаўствам у такой сітуацыі суд мусіў пацвердзіць яго статус як просьбіта прытулку.

Праваабаронца паведаміў, што мужчыну прывезлі на пасяджэнне суда, а яго інтарэсы абаранялі два найманыя адвакаты.

Чытайце таксама:

У беларуса, арыштаванага ў Грузіі, прынялі заяву на палітычны прытулак

Затрыманага ў Грузіі беларуса арыштавалі на тры месяцы

У Грузіі затрымалі беларуса, які прыйшоў падаць заяву на прытулак

Каментары да артыкула