Наталлю Говараву з траімі дзецьмі экакуявалі з Беларусі. Ёй пагражала чатыры гады хіміі
Наталля Говарава, 43-гадовая цырульніца з Оршы і маці траіх дзяцей, вымушаная была пакінуць Беларусь пасля таго, як яе асудзілі на 4 гады хіміі за каментары. Сваёй гісторыяй яна падзялілася з «Байсолам», а таксама абвясціла збор грошай.
«У 2020 годзе, калі спачатку з'явілася надзея на палітычныя змены ў Беларусі, а потым знікла, я вельмі цяжка гэта перажывала. Невыносна балюча было чытаць аб затрыманнях, арыштах, катаваннях, звальненнях, пераследах людзей, нязгодных з вынікамі выбараў. Рэагуючы на тое, што адбываецца, я неаднаразова пакідала каментары ў розных мэсэнджарах з асуджэннем прадстаўнікоў улады і сілавых структур за іх супрацьзаконныя і бесчалавечныя дзеянні супраць сваіх грамадзян.
Я ніколі не думала, чытаючы СМІ, што ўвесь той кашмар, праз які праходзяць палітзняволеныя, давядзецца перажыць і мне.
Увосень 2024 года мяне затрымалі на працоўным месцы супрацоўнікі ГУБАЗ і адвезлі на допыт. Падчас допыту пагражалі ў мой адрас і маёй сям'і, абражалі. Там жа мяне прымусілі запісаць «пакаяннае відэа», — расказвае Наталля.
Жанчыну арыштавалі. Тры з паловай месяцы яна знаходзілася пад вартай без цёплай вопраткі і сродкаў гігіены, з забаронай на харчовыя перадачы і спатканні з роднымі.
«Мяне падвяргалі зневажальным асабістым даглядам, прымушаючы здымаць з сябе ўсё адзенне, некалькі разоў беспадстаўна змяшчалі ў карцар, а калі мне патрабавалася медыцынская дапамога, адмаўлялі.
Атрымаўшы прысуд — 4 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама штраф і пакрыццё матэрыяльных іскаў у дачыненні да траіх «пацярпелых», я спрабавала змагацца, падала апеляцыю. Зразумеўшы, што прысуд застанецца без змен, а мае дзеці — без маці, мы з сям'ёй прынялі рашэнне пакінуць тэрыторыю Беларусі», — кажа Наталля.
З дапамогай «Байсол» яны былі экстранна эвакуяваныя з Беларусі ў Польшчу і зараз часова жывуць у шэлтары для былых палітзняволеных.
«Мы з дзецьмі маем патрэбу ў вашай дапамозе: застаўшыся без усяго ў чужой краіне, нам проста няма на што жыць. Я прашу дапамагчы нам на першы час, пакуль я змагу арандаваць жыллё, знайсці працу, уладкаваць дзяцей у школу і апрануць іх.
Будзем вельмі ўдзячныя любой дапамозе і падтрымцы!», — піша Наталля.
Сума збору — €4000
- € 2200 — на арэнду жылля на першыя тры месяцы (плюс задатак)
- €800 — на адзенне, абутак для дзяцей, падрыхтоўку да школы
- €700 — ежа, бытавыя выдаткі на першы час
- €300 — курсы польскай мовы