БЕЛ Ł РУС

У Дзярждуме Расіі прапанавалі ўвесці падатак на паездкі за мяжу

7.07.2025 / 14:16

Nashaniva.com

У Расіі разглядаецца магчымасць увядзення падатку на выязны турызм. Пра гэта паведаміў старшыня камітэта Дзярждумы па турызме і развіцці турыстычнай інфраструктуры, дэпутат ад партыі «Новыя людзі» Сангаджы Тарбаеў, піша Moscow Times.

Фота: Парламенцкая газета

Па яго словах, увядзенне дадатковага збору з кожнай пуцёўкі за мяжу магло б стаць мерай падтрымкі айчыннай турыстычнай галіны. «Гэта мера цалкам можа быць уведзеная, але трэба паглядзець, як яна будзе ўплываць на эканоміку. Увогуле, грошы, якія ў нас сыходзяць за мяжу ў частцы выязнога турызму, накіроўваць на развіццё ўнутранага турызму было б лагічным і правільным [крокам]», — заявіў ён.

Тарбаеў спаслаўся на даныя па электронных пуцёўках за 2024 год, згодна з якімі расіяне выдаткавалі на замежныя паездкі каля 700 мільярдаў расійскіх рублёў (8,8 млрд даляраў).

Ён патлумачыў, што пры дадатковай нацэнцы ў 200—300 рублёў (2,5—3,8 даляра) на кожную пуцёўку магчыма штогод акумуляваць 5—7 мільярдаў расійскіх рублёў (63,4 млн даляраў — 88,7 млн даляраў) на развіццё турыстычнай інфраструктуры ў Расіі.

Парламентар таксама адзначыў неабходнасць справядлівага размеркавання гэтых сродкаў паміж рэгіёнамі, асабліва падкрэсліўшы важнасць падтрымкі тэрыторый з высокай прыроднай каштоўнасцю. Паводле яго меркавання, у першую чаргу дапамогу павінны атрымаць Байкал, Алтай і Карэлія — рэгіёны, што адчуваюць сур’ёзную экалагічную нагрузку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула