БЕЛ Ł РУС

«Мама, у нас няма дома!» 12-гадовы хлопчык цудам ацалеў пасля ракетнага абстрэлу на Кіеўшчыне

17.06.2023 / 15:05

Nashaniva.com

16 чэрвеня Расія атакавала 10 абласцей Украіны. У выніку падзення абломкаў варожых ракет быў разбураны прыватны дом на Кіеўшчыне.

Фота: Вікторыя Сушко

У доме знаходзіўся 12-гадовы хлопчык, які змог выратавацца, схаваўшыся ў падвале. «Украінская праўда» пагутарыла з мамай падлетка Вікторыяй Сушко і хлопчыкам Раманам, якія распавялі, як усё адбывалася ў той дзень.

Здарэнне адбылося ў Вышгарадскім раёне, у прыватным доме прыгарада Кіева.

«Мой 12-гадовы сын Раман застаўся дома адзін. І я, і мая мама з'ехалі на працу. Ён прасіўся са мной, але я не надала гэтаму значэння. Каля 11 гадзін пачалася паветраная трывога. Сын пачаў пісаць паведамленні, што дома «гучна» і яму страшна», — распавяла Вікторыя Сушко.

Фота: Вікторыя Сушко

Калі жанчына пачала чытаць навіны, то ўбачыла інфармацыю, што «Калібры» ляцяць з боку Чаркаскай вобласці.

Сына ўжо супакойвала, маўляў, «гэта ж не з нашага боку, усё будзе добра».

Раман працягваў пісаць маме і прасіў не ехаць дадому, бо было «гучна». Сам жа схаваўся ў падвале.

У 11:58 Вікторыя прачытала паведамленне ад сына, што ў іх дом «патрапіла». «Мама, у нас няма дома!» — напісаў хлопчык.

«Раман даслаў фота, яны былі невыразнымі, таму я падумала, што нічога сур'ёзнага не здарылася. Здавалася, што дзіця фантазіруе. Потым сын ужо тэлефанаваў у істэрыцы, пытаўся, дзе я, казаў, што яму вельмі страшна. Калі я прыехала, то ўсё ўбачыла на ўласныя вочы», — успамінае жанчына.

Фота: Вікторыя Сушко

Па словах жанчыны, ад дома засталіся толькі сцены і ацалела трохі мэблі. Пашкоджаны таксама хлеў і гараж з аўтамабілем.

Рамана з-пад завалаў дома выцягнулі суседзі. Ён знаходзіўся ў падвале пад домам.

«Мяне з-пад завалаў выцягнуў дзядзька. Думаў, што ў дом трапіла сама ракета, бо было вельмі гучна. Цяпер адчуваю сябе нядрэнна. Калі гэта адбылося было страшна, але я не зусім разумеў, што адбываецца. Героем сябе я не адчуваю», — кажа Раман.

Вікторыя таксама распавяла, што сын цяпер фізічна адчувае сябе нармальна, але яна разумее, што з часам могуць узнікнуць псіхалагічныя праблемы.

Гэта ўжо не першы прылёт у дом Сушко за перыяд поўнамаштабнага ўварвання. Вікторыя распавядае, што папярэдні раз абышлося без сур'ёзных разбурэнняў, вылецела толькі дзве шыбы, аднак яе сын меў праблемы са здароўем.

Па словах Вікторыі Сушко, псіхіятр, у якога яны праходзілі лячэнне, раіў змяніць месца жыхарства.

«Раман вельмі часта прасіў мяне спускацца ў падвал падчас паветраных трывог. Я ўвесь час яго супакойвала, казала, што ўсё будзе добра. Цяпер разумею, што яго асцярогі не былі марнымі», — дадала жанчына.

Паліцыя дала заключэнне пацярпелай сям'і, што іх дом не прыдатны для жыцця, таму Вікторыя з Раманам і бабуляй часова спыніліся ў сяброў.

Са слоў жанчыны, яе суседзі таксама пацярпелі, пашкоджана тры прыватныя дамы. Вікторыя просіць аб дапамозе з аднаўленнем жылля.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула