Грамадства22

У 100 гадоў памерла дачка жанчыны, якая нібыта вышыла арнамент для сцяга БССР. А бацька яе загінуў падчас сталінскіх рэпрэсій

Пра смерць 100‑гадовай Зінаіды Пашкевіч, дачкі расстралянага падчас Вялікага тэрору ў 1937 годзе ў Оршы Аляксея Маркевіча, паведамляе Orsha.eu. Жанчына да канца жыцця дабівалася права паставіць помнік свайму бацьку на месцы меркаванага расстрэлу.

Зінаіда Пашкевіч

Упершыню Аляксея Маркевіча асудзілі ў 1932 годзе на адзін год пазбаўлення волі за адмову ўступаць у калгас. Наступным разам супрацоўнікі НКВД прыйшлі па яго 10 кастрычніка 1937 года. Дачка згадвала:

«Калі па яго прыйшлі, ён хацеў уцячы — залезці на дах праз комін і саскочыць. Але ж НКВДшнікі стаялі вакол хаты. Ну і забралі. А мы бяжым за ім следам. Ён кажа: «Дзеткі, не бяжыце». А яны яго — у плечы, у плечы. Потым прывязалі да сядла і змусілі бегчы за канём. І стралялі ўгару, каб нас напалохаць».

Пасля арышту адзінага кармільца жонка Аляксея Маркевіча Матрона з дзецьмі ўцякла з дому і хавалася ў сваякоў. Жылі ў галечы. Да іх ставіліся як да сям'і «ворага народу». Маці адпраўлялі рыць канавы і працаваць у лесе. За працу нічога не плацілі. Ад голаду памерлі двое з шасці дзяцей.

Пераслед Маркевічаў скончыўся толькі пасля вайны. Суседа Саўку, які пісаў даносы, асудзілі. Яму далі 8 гадоў за тое, што ён рваў каласкі на калгасным полі.

Камуністычныя ўлады старанна хавалі інфармацыю пра сапраўдны лёс Аляксея Маркевіча. Амаль 60 гадоў сям'я была перакананая, што бацьку саслалі ў Сібір.

«Мы думалі, што ён далёка сагнаны. І вось мой бацька за свае рукі, за сваю працу загінуў», — згадвала Зінаіда Пашкевіч.

Праўду сям'я даведалася толькі напрыканцы 1990‑х гадоў, калі сын Аркадзь (памёр у 2017 годзе) атрымаў у КДБ даведку пра расстрэл бацькі ў Оршы.

Матрона Маркевіч, жонка Аляксея Маркевіча і маці Зінаіды Пашкевіч, лічыцца аўтаркай арнаменту, які пазней стаў часткай сцяга БССР. Менавіта гэты ўзор прасунуў яе родны брат, навуковец Міхаіл Кацар і прыпісаў аўтарства сястры, хоць цяперашнія навукоўцы моцна сумняюцца, што яна сапраўды мела да яго дачыненне.

У 2015 годзе ў цэнтры Сянна Матроне адкрылі помнік. У мясцовым краязнаўчым музеі жанчыне прысвяцілі асобны стэнд, а прапагандысцкія каналы здымалі пра яе пафасныя рэпартажы. Пры гэтым гісторыю яе мужа старанна змякчаюць ці абыходзяць.

У 2018 годзе Зінаіда Пашкевіч звярнулася ў Аршанскі райвыканкам з просьбай дазволіць паставіць помнік бацьку на адным з меркаваных месцаў расстрэлаў у Оршы — Кабыляцкай гары.

«Сцяг з арнаментам маёй маці, Матроны Сяргееўны Маркевіч, пабываў у космасе, а муж ейны ў бур'яне ляжыць», — пісала яна ў звароце. У тым жа годзе жанчына ўпершыню наведала Кабыляцкую гару.

З дзяржаўным тэрорам сутыкнуліся і нашчадкі расстралянага Аляксея Маркевіча. Ягоная праўнучка таксама трапіла пад палітычныя рэпрэсіі лукашэнкаўскага рэжыму і была вымушаная з'ехаць з Беларусі.

Каментары2

  • Жвір
    18.07.2026
    Гэта лёс усёй Беларусі.
  • Спачуваньні
    19.07.2026
    Вечная ёй памяць! Няхай спачывае зь мірам і ўваскрэсьне ў славе. Вучыцеся зь гісторыі ейнага жыцьця, беларусы! Камуністы забівалі нявінных беларусаў і марылі голадам іхніх дзяцей, а потым пакаралі сьмерцю катаў таксама. Савецкая сыстэма была бесчалавечнаю, пабудаванаю на крыві, жорсткасьці, сьмерці й крадзяжы. Не паўтарайце гэтую катастрофу.

Цяпер чытаюць

Выйшаў на свабоду выбітны хірург Андрэй Любецкі11

Выйшаў на свабоду выбітны хірург Андрэй Любецкі

Усе навіны →
Усе навіны

Галоўны корпус Нацыянальнага мастацкага музея ўрачыста закрыюць на рэканструкцыю

У Маскве пасажыркі, якія спазніліся на рэйс, спрабавалі дагнаць самалёт проста на лётным полі ВІДЭА3

Бяляцкі: Далучэнне да Еўрасаюза — гэта не пытанне «хачу — не хачу», гэта пытанне выжывання беларусаў як народа51

У Іўі на фестывалі памідораў прыгатавалі 9‑метровы бутэрброд1

Латушка пра магчымасць вайны ў Беларусі: Гэта ж вар'яцтва, не ўяўляю, як крамлёўская прапаганда будзе тлумачыць гэта13

«Да канца года, спадзяюся, зможам рэалізаваць адну-дзве рэчы». Бабарыка — пра свой новы праект і беларускую мову26

Лідар вядомай расійскай рок-групы прыехаў ва Украіну і пакаяўся за канцэрты ў акупаваным Крыме5

У гарах Кыргызстана зніклі двое беларусаў

Пасля працяглай хваробы памёр 31‑гадовы беларускі футбаліст1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выйшаў на свабоду выбітны хірург Андрэй Любецкі11

Выйшаў на свабоду выбітны хірург Андрэй Любецкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць