Сёння на электронных таргах была прададзена старажытная сыраварня ў аграгарадку Пачаевічы Віцебскай вобласці. Паводле інфармацыі арганізатара аукцыёну, у таргах удзельнічалі 3 пакупнікі, якія павялічылі стартавую цану лота ў 151 раз, піша Realt.

Сыраварня знаходзіцца ў аграгарадку Пачаевічы Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці. Гэта — жывапісныя мясціны, побач з лесам, ракой і Пачаеўскім возерам. Ад Мінска сюды — каля 180 кіламетраў.
Калісьці сыраварня была часткай сядзібы Храптовічаў, аднак сам маёнтак у Пачаевічах не захаваўся. Пасля рэвалюцыі сыраварню аддалі мясцоваму саўгасу, які пераабсталёўваў будынак у клуб. Культурны цэнтр працаваў у вёсцы не адзін дзясятак гадоў.
Дарэвалюцыйны будынак плошчай 162 квадратныя метры выстаўляўся на таргі неаднаразова. У апошні раз яго стартавая цана знізілася да 42 рублёў.
У таргах удзельнічалі 3 патэнцыйныя пакупнікі (2 фізічныя асобы і адна юрыдычная асоба), якія павялічылі стартавую цану ў 151 раз. У выніку, пераможцам аукцыёну, які доўжыўся больш за 2 гадзіны, стала фізічная асоба, якая прапанавала 6325 рублёў (2160 долараў).
Разам з будынкам новаму ўласніку дастанецца ўчастак плошчай 17 сотак. Яго перададуць у арэнду на 20 гадоў. Новы ўладальнік зможа выкарыстоўваць зямельны ўчастак для размяшчэння жылой забудовы, рознічнага і аптовага гандлю, грамадскага харчавання, аховы здароўя, адукацыі, аграэкатурызму і іншых мэт.
Каментары