Беспрацоўнага жыхара Аршаншчыны асудзілі за «экстрэмісцкія» падпіскі
Ягор Маціенка, зарэгістраваны ў садаводчым таварыстве «Аўтамабіліст» Аршанскага раёна, быў асуджаны 2 лістапада. Суддзя суда горада Оршы і Аршанскага раёна Юлія Вяршыніна прызнала яго вінаватым паводле ч.2 арт.19.11 КаАП РБ (Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). Суд вырашыў канфіскаваць у жыхара Аршаншчыны і мабільны тэлефон — як сродак здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння, паведамляе «Віцебская вясна».

На судовым пасяджэнні разглядаліся два пратаколы, складзеныя на Ягора Маціенку. Паводле першага, мужчына быў падпісаны ў інстаграме на старонку, прызнаную «экстрэмісцкімі» матэрыяламі, а таксама вёў перапіску з адміністратарам гэтай старонкі. Паводле другога, Маціенка быў падпісаны на групу ў тэлеграме, таксама прызнаную «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыяй.
У судзе ён прызнаў гэтыя факты, патлумачыўшы, што не ведаў, што гэтыя інтэрнэт-рэсурсы ўключаныя ў адпаведны пералік МУС. Суддзя не прыняла да ўвагі аргументацыю падсуднага і вырашыла, што беспрацоўны Ягор Мацвіенка, які мае базавую адукацыю, меў на мэце распаўсюджваць «экстрэмісцкія» матэрыялы, дзеля чаго іх і захоўваў.
Каментары