Трамп забярэ грошы ў эколагаў і аддасць іх на даследаванне космасу
Новаабраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп мае намер скараціць бюджэт дэпартамента NASA, які займаецца кліматычнымі назіраннямі. Зэканомленыя грошы ён плануе накіраваць на касмічную праграму.

Трамп ужо неаднаразова адмаўляў праблему глабальнага пацяплення, якую ён назваў «кітайскай фальшыўкай, прыдуманай, каб вывесці вытворчыя магутнасці з ЗША ў азіяцкія краіны». Відавочна, новы прэзідэнт ЗША будзе надзяляць менш увагі зменам клімату, чым гэта рабіла адміністрацыя Абамы.
Дарадца Трампа па пытаннях даследавання космасу Боб Уокер паведаміў The Telegraph, што NASA сканцэнтруецца ў бліжэйшыя гады на палётах у космас, каб у перспектыве да канца бягучага стагоддзя скончыць даследаванне Сонечнай сістэмы і выйсці за яе межы.
Летась падраздзяленне NASA, якое ажыццяўляе маніторынг за кліматычнымі зменамі, атрымала ад дзяржавы 1,92 млрд даляраў. Некаторыя навукоўцы абараняюць дзейнасць дэпартамента, звяртаючы ўвагу на тое, што прадказанні зменаў клімату ратуюць вялікую колькасць чалавечых жыццяў. Рэспубліканцы, у сваю чаргу, скардзяцца на тое, што арганізацыя, якая раней адпраўляла людзей на Месяц, цяпер займаецца «прагнозам надвор’я».

Фота wired.com
Першым крокам у асваенні космасу мусіць стаць новы палёт астранаўтаў на Месяц. Апошні раз нага чалавека крочыла па паверхні спадарожніка Зямлі ў 1972 годзе. Адміністрацыя Джорджа Буша-малодшага спрабавала аднавіць палёты на Месяц да 2020 года, але праграма «Сузор’е» была закрытая Баракам Абамам. Нягледзячы на гэта, пэўныя распрацоўкі ў гэтыя гады ўсё ж вяліся, што тэарэтычна зможа дазволіць амерыканцам адправіць людзей на Месяц у бліжэйшыя 8 гадоў.
Праз некалькі месяцаў чакаецца прызначэнне прэзідэнтам ЗША новага кіраўніка NASA. Асноўнымі фаварытамі лічацца Джэймс Брайдэнстайн і Скот Пэйс. Абодва яны з’яўляюцца прарэспубліканскімі «ястрабамі» і актыўна падтрымліваюць «вяртанне» на Месяц, таму паскарэнне касмічнай праграмы ЗША амаль непазбежнае.
Амерыканскі астранаўт Баз Олдрын, другі чалавек, які ступіў на паверхню Месяца (пасля Ніла Армстранга), падтрымаў планы Дональда Трампа. Олдрын таксама заклікаў яго развіваць амерыканскую касмічную праграму ў кааперацыі з іншымі краінамі.
Палёт на Месяц можа стаць пэўнай падрыхтоўкай да палёту чалавека на Марс. Саветнік новаабранага прэзідэнта ЗША Боб Уокер адзначыў, што наўрад ці пры цяперашніх тэхналогіях можна адправіць чалавека далей, чым на Марс, але праграма Трампа зможа натхніць навукоўцаў і стымуляваць тэхналагічнае развіццё, што ў перспектыве дазволіць пашырыць прысутнасць чалавека ў космасе.
Таксама чакаецца, што новаабраны прэзідэнт адновіць працу Нацыянальнага касмічнага савету, і ўзначаліць яго віцэ-прэзідэнт Майк Пэнс. Мэтай гэтай арганізацыі будзе каардынацыя грамадзянскай, вайсковай і камерцыйнай галін амерыканскай касмічнай індустрыі. Гэта неабходна для таго, каб, напрыклад, NASA і SpaceX Ілана Маска не будавалі аднолькавыя касмічныя апараты, а супрацоўнічалі і тэхналагічна дапаўнялі адзін аднаго.
Каментары